Я Богу вельмі ўдзячна за цябе, Куточак мой пушчанскі запаведны. У час любы – у радасці, журбе – Твой водар для мяне заўжды адметны. Распавядаюць волаты-дубы, Як Вітаўт і Ягайла палявалі, Пра тое, як знікалі тут зубры І адраджаліся ад Пугінала. Няхай струменіцца вада Лясной І ў Буг нясе пушчанскія ўспаміны. А ў Камянюкі я прыеду зноў, Куды бы лёс нястомны ні закінуў. І для мяне калысачка жыцця Не атрымае статус небыцця. Не атрымае статус небыцця І Кобрын у маім жыцці і сэрцы. Так сталася: павінна тут быць я, Другой радзімай Кобрын назавецца. Я палюбіла гэты гарадок, Дзе рэхам адгукаюцца стагоддзі. Пачую часам каралеўскі крок, Зноў парк аповедам закарагодзіць. А ланцужок блакітны Мухаўца Падперазаў мне мрояў зіхаценне – П’ю асалоду трапнага слаўца І прыгаршчамі чэрпаю натхненне. Ты, Кобрын, лёсам стаў маім цяпер – Я Богу вельмі ўдзячна за цябе. |