Аляксандр Клачкоў СПЕЛЫ КОЛАС Люба поле мне кожнай парою, Нават ўзiмку кранае прастор. Спадзяваннем уваскрэсне вясною I з расой, што падобна да зор. З зерня вырасце парастак смелы, Рунню поле пад небам ляжыць, Потым збудзецца коласам спелым Каб шчаслiва i радасна жыць. Цiха колас шапоча ў полi Пра багацце зямлi i наш лёс. Не шукайце больш велiчнай долi: Вельмi блiзка з зямлi да нябёс. Глянь, калышыцца рослае жыта, Быццам хвалi па моры бягуць. Прыгажосць тая працай здабыта, Дзе не сорамна спiну сагнуць. Спелы колас ёсць сэнс i выява, Як дзiця урадлiвай зямлi, I павiнна быць з роздумам справа, Каб спаўна урадзiлi палi. Колас з часам нахiлiцца долу Важкiм зернем – нiбыта паклон, Пахкi водар дасць роднаму дому - Каравай упрыгожыць услон. Спелым коласам поўнiцца поле Даглядзець яго дбайна змаглi. Хлебароба адметная роля Гарантуе жыццё на зямлi. 19 жнỉўня 2017 г. |