ВЫБУХ Загiнуўшым 26.04.1964 года сябрам дзяцiнства Толi Буланаву i Косцi Крывiцкаму Вайна не так даўно мiнула, Былi бачны усюды яе сляды: Зямлю варонкамi грызла, акопы гарнула. Нiхто тых чужынцаў не клiкаў сюды! Выбух – i ўсё прапала, Свет перастаў iснаваць, Сонца з неба ўпала, Цемра – няможна стрываць. Тут некалi спынiлася навала, Уздоўж нашай Белiцы ёй выдаўся заслон. На дзевяць месяцаў страшэнным фронтам стала Пад грукат i гармат няспынны стогн. Выбух – не будзе кахання. I зараз ад жаху мароз. Нiчога больш не настане Для iх – цiшыня мiж бяроз. Зямлю працяла мёртвае жалеза, Якое толькi ўмела – забiваць. I потым шмат гадоў пачварай лезла Усё, што ворагi тады маглi схаваць. Выбух – канец спадзяванням, I забыццё не ад сну. Хлопцам не ўбачыць рання, Апошнюю стрэлi вясну. Вядомы дзiцячыя гульнi ў лесе: Цiкава нешта знайсцi, патрымаць. Заўчасную смерць сустрэлi ў жалезе – Цi ж маглi яны меркаваць? Выбух – не стане працягу. Жыве адчуванне вiны, I толькi адно пажаданне – Нiколi не ведаць вайны. |